В многих источниках это здание называется "дом Петра I". Впрочем, никаких прямых доказательств, что в этом доме жил будущий российский император, пока не найдено.
* * *
Небольшая цитата из статьи Марины Загорской «Здань каранаванага забойцы» для газеты «Салiдарнасць»:
«...Імператар Пётр І, “прасякаючы акно ў Еўропу”, неаднойчы наведваў Полацк. Упершыню — калі ў лютым 1701 г. на паштовай фурманцы кіраваўся ў бок Біржайскага замка на сустрэчу з вялікім князем літоўскім Аўгустам ІІ. Па заключанай хаўруснікамі змоўніцкай дамове, старажытны Полацк падчас Паўночнай вайны са шведамі стаў лагерам расійскага войска.
Ёсць сярод палачан тыя, хто гэтым гістарычным фактам непамерна ганарыцца: “У нашым горадзе жыў сам Пётр І!”. Іншыя ж лічаць: лепей бы шляхі каранаванай асобы пралеглі дзесьці ўбаку. Тады б зграбную мураванку, пабудаваную ў 1694 г. побач з Богаяўленскім манастыром, паказвалі турыстам як прыватнае ўладанне невядомага гараджаніна. Але цягам некалькіх стагоддзяў за гэтым помнікам архітэктуры трывала замацавалася назва “домік Пятра”. Маўляў, у 1705-м, калі імператар прабыў у Полацку блізу месяца, ён жыў то ў келлях Спасаўскага манастыра, што належаў тады езуітам, то ў мураванцы, нібыта ўзведзенай спецыяльна для манарха.
— Сто з нечым гадоў таму на будынку яшчэ мелася ляпная выява двух геніяў, што трымалі ў руках стужку з надпісам па-лацінску: “Пётр Першы. Год Гасподні 1705”, — гаворыць пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Сёння спецыялісты ўжо няўпэўненыя ў тым, што надпіс адпавядаў рэчаіснасці.
— Пётр у доміку не жыў. Спасаўскі манастыр і выспа сярод Дзвіны — былі больш бяспечнымі месцамі, чымсьці будынак у цэнтры горада, — абвяргае распаўсюджаную версію загадчык Полацкага краязнаўчага музея Вольга Краско. — Магчыма, “каранаваная” шыльда зрабіла паслугу аднаму з гаспадароў — купцу ці мешчаніну, калі той задумаў прадаць нерухомасць даражэй за яе кошт.
Па меркаванні спадара Арлова, “увекавечыць” імя Пятра маглі і да чарговага прыезду ў Полацк каго-небудзь з расійскіх імператараў...
...Час знаходжання расійскага войска ў Полацку іначай як акупацыяй не назавеш. Прыклад жорсткасці ў абыходжанні з беларусамі паказваў сам Пётр І.
— Нішатавата выпіўшы, адзначаючы свае імяніны 29 чэрвеня 1705 года, Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ў найстаражытнейшым беларускім храме — Полацкай Сафіі ўчыніў крывавую расправу над уніяцкімі святарамі. Чатырох смяротна паранілі, аднаго павесілі за адмову перайсці ў праваслаўе. Попел забітых развеялі над Дзвіной, каб іх магілы не сталі месцам паломніцтва, — сведчыць спадар Арлоў. — Сафія стала вайсковым складам. 1 мая 1710 года тут выбухнуў порах. Ацалелі толькі фрагменты падмурка...»